Музей па сваім значэнні – храм, у якім жывуць музы, месца святое і паважанае, якое патрабуе да сябе пільнай увагі, часу і пэўных намаганняў тых людзей, што пажадаюць займацца яго стварэннем.
Музеі не кожнаму адкрываюць свае таямніцы. Яны могуць пакінуць у стваральнікаў дзіўнае пачуццё незакончанасці працы, якая па ўсіх сваіх паказчыках павінна была даўно завершыцца.
Музей можа стаць хобі, а можа перарасці ў сэнс жыцця. Стварыць і забыць – гэта не пра яго.
Музей, як жывая істота, расказвае і вучыць, можа напужаць, рассмяшыць, прымусіць заплакаць.
Музей, як і чалавек, жыве і памірае. Жыве, калі існуюць людзі, якія жыццё яго падтрымліваюць. Памірае, калі становіцца нікому непатрэбным…
…Зачыняюцца дзверы музея, каб на наступны дзень зноў расчыніцца і сустрэць новых наведальнікаў – тых людзей, для якіх гісторыя Радзімы, гісторыя жыцця лепшых яе сыноў і дачок не пустое, абыякавае сузіранне, а чыстае, светлае пачуццё павагі і, можа, нават любові…